«СХОД РУ́СКІХ ФАБРЫ́ЧНА-ЗАВО́ДСКІХ РАБО́ЧЫХ САНКТ-ПЕЦЯРБУ́РГА»,
легальнае рабочае т-ва ў С.-Пецярбургу ў 1903—05. Засн. з дазволу ўлад і пры тайным удзеле паліцыі на ўзор зубатаўскіх арг-цый (гл. Зубатаўшчына) святаром Г.А.Гапонам. Паводле Статута (зацверджаны 28.2.1904) яго членамі маглі быць рабочыя толькі рус. паходжання і хрысц. веравызнання. Т-ва мела 11 раённых аддзяленняў, аб’ядноўвала да 10 тыс. чал. Яно вяло сярод рабочых культ.-асв. работу, прапагандавала ідэі адданасці цару і царкве, класавага міру і хрысц. сацыялізму, імкнулася скіраваць барацьбу рабочых за свае правы ў мірнае рэчышча. Аднак пад уплывам эканам. крызісу і выкліканага ім рэв. ўздыму дзейнасць «Сходу» насуперак волі яго кіраўнікоў паступова палітызавалася. У студз. 1905 яго аддзяленні сталі цэнтрамі агульнагар. стачкі. Па ініцыятыве Гапона была выпрацавана петыцыя да цара, куды пад уплывам сацыял-дэмакратаў уключаны паліт. і эканам. патрабаванні (скліканне Устаноўчага сходу, увядзенне дэмакр. свабод, 8-гадзіннага рабочага дня і інш.) і 9(22). 1.1905 арганізавана мірнае шэсце да Зімняга палаца, якое скончылася масавым расстрэлам рабочых (гл. «Крывавая нядзеля»); «Сход» распушчаны ўладамі.
т. 15, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)